СВАЮ СЛУЖБУ ЗНАЕ
Адзін пан пытаецца раз у свайго фурмана, ці той паедзе зь ім у вялікую дарогу.
— За вамі, пане, усюды, — адказвае фурман.
— Як гэта ўсюды? Нават у пекла?
— Нават у пекла!
— Але падумай сабе, што ў пекле надта ж горача, агонь.
— Нічога, пане, — кажа фурман,— я сваю службу ведаю,
высаджу пана ў пекле, а сам, як заўсёды, буду чакаць перад брамай.
ПАНІ І СЛУЖАНКА
Пані: А ты памыла рыбу перад тым як паставіла варыць?
Служанка: А навошта? Яна ж заўсёды ў вадзе бывае.
ЯКАЯ ЗЬ ІХ
— Не, я ўжо не разумею, якая з нас дурная: я ці ты? — гаворыць пані
служанцы.
— Думаю, панечка не трымала б у сябе дурной? — адказала служанка.
ХЛАПЧУК І ЎРАДНІК
Хлапчук вёў на вяроўцы цяля, якое кідалася на ўсе бакі. А тут якраз ураднік
праязджаў.
— Ты чаму перада мною шапкі не зьнімаеш, хам?! — закрычаў ён на хлопца.
— Калі ж мае рукі заняты, пане ўраднік. Зьлезьце, калі ласка, з воза, патрымайце
цяля, а я шапку зьніму.
ЯК ІВАН СТАРАСТУ ПРАВУЧЫЎ
У адной вёсцы жыў скупы стараста. Унадзіўся ён езьдзіць з Іванам у горад, бо
шкадаваў сваіх коней. Івану абрыдла.
Аднойчы, едуць са старастам у горад, Іван кажа:
— Якое ў мане гора, пане стараста...
— Што такое, Іван?
— Ды на тым тыдні мяне пакусаў шалёны цюцік.
Пасля гэтых слоў стараста адсунуўся на край воза. А калі пераязджалі ўброд рэчку,
Іван толькі:
— Гаў!
А стараста — бультых у ваду.
Выскачыў на бераг мокры і кажа:
— Вось, Іван, знайшоў, дзе шалець...
Пасьля гэтага больш з Іванам не езьдзіў.
ПАСТУХ І СУДДЗЯ
Стары пастух соцкага назваў дурнем. Падаў той на яго ў суд. Суддзя аштрафаваў
старога на сто рублёў. Пытае пастух:
— Дык усё ж завошта гэты штраф?
— За тое, што ты назваў разумнага чалавека дурнем.
— Ага, зразумеў. А калі я дурня назаву разумным, мне нічога ні будзе?
— Нічога, — лагодна засьмяяўся суддзя.
— Тады які вы разумны, пан суддзя!
ХТО ВЕДАЕ НЕПРЫСТОЙНЫЯ ПЕСЬНІ
— Ведаеш, я з гэтым Адольфам не магу быць — ён ведае ўсе непрыстойныя
песьні.
— Няўжо ж ён пры табе іх пяе?
— Не, не пяе, але заўсёды сьвішча.
ВАР'ЯЦТВА
— Ці чуў ты, што ў Бразіліі кідаюць у мора каву?
— Чуў.
— А ці чуў, што ў нас кідаюць бульбу ў ваду?
— Немагчыма! Ну, гэта ўжо вар'яцтва.
— Але ж так! Бо як жа іначай можна зварыць яе?
ЗАЛАТЫ ВЕК
— Калі быў залаты век?
— А тады, калі людзі не ведалі золата.
ЗА ШТО?
Настаўнік пытаецца вучня ў школе:
— За што Бог выгнаў Адама і Еву з раю?
— За тое, што яны з'елі зялёнае яблычка, а зялёнага есьці нельга, бо жывот
забаліць.
ДОБРЫ АДКАЗ
Раз у малой дзяўчынкі спыталіся:
— Ці доўга Адам зь Евай жылі ў раю?
— Пакуль яблыкі пасьпелі, — кажа яна.
У ШКОЛЕ
Настаўнік: Скажы мне, Пятрусь, чаго Ной ўзяў у каўчэг чыстых сем пар, а нячыстых
дзьве пары?
— Штаноў, — адказаў вучань.
КІМ БЫЎ СЬВЯТЫ ПАВЕЛ
Настаўнік: Кім быў сьвяты Павел?
Вучань: Ня ведаю.
Настаўнік падказвае яму: Ап-Ап-Ап.
Вучань: Апцекарам?
ДЗІВА
— Гэта дзіва, як тыя вучоныя ўсё ведаюць, нават зацьменьне сонца могуць
прадказаць.
— Вось штука! Гэта і я патраплю, бо гэта з кожнага календара можна даведацца.
НЕ ЗЬДЗІВІЛА
Жонка будзіць мужыка:
— Іван, чуеш: пеўні сьпяваюць. Ўставай!
— Няхай сабе сьпяваюць, калі ім не сьпіцца, — адказаў мужык, пераварочваючыся
на другі бок.
ДВА ЛАЙДАКІ
— Ты што робіш?
— Нічога.
— А ты што?
— Яму дапамагаю.
ГУЛЬТАЙ
— Быў калісь у нашым сяле вельмі ляны чалавек, гультай, якога за тое дражнілі
дуб'ём.
Раз, калі ён ляжаў на печы не то сумны, не то задумаўшыся, загарэлася хата,
а сусед прыбег ды крыкнуў:
— Дубей, твая хата гарыць!
— Ну, — адказвае, - і як ты не ляніўся гаварыць?
ПРАЦАВІТАЯ
— Чаго ты ўсё ляжыш і ляжыш на печы; узяўся б за якую працу, гультай ты!
— кажа Натальля на свайго мужыка.
— А што табе шкодзіць, што я ляжу?
— Шкодзіць, не шкодзіць, але калі ты нічога не робіш, дык і мне рукі ападаюць
рукі і рабіць не хочацца.
ТАННАЯ ШАПКА
Едзе бацька на кірмаш.
— Купі мне, татачка, шапку, — просіць сын.
— Добра, сынку!
Прыяжджае бацька з кірмашу. Сустракае сын яго за брамаю.
— Ці купіў, тата, шапку?
— На табе шапку!
— А татачка, а галубчык! Вось хіба шапка! Колькі ты за яе аддаў?
— Саракоўку.
— Няхай яна згарыць, калі саракоўку!
Узаў сын ды кінуў шапку.
У СУДЗЕ
Суддзя: Ці ведаеш, што гусей дрэнна красьці?
Злодзей: Але, ведаю, пане суддзя! Яны натта крычаць.
У ФЕЛЬЧАРА
— Вось, цётка, будзеш даваць гэтыя лекі свайму старому па дзесяць лыжак
у дзень.
— А божа ж мой! Дзе ж я вазьму столькі лыжак? У мяне іх толькі чатыры.
СЛАБЫЯ ЗУБЫ
— Мусіце прымаць жалеза, — радзіць доктар.
— Ах, пане доктар! — кажа, збедніўшыся, хворая. — Я маю такія
слабыя зубы, што ледзьве хлеб магу жаваць.
ПАВЕДАМІЎ
Ідзе хлапеч ля става, пасьвіствае. Бачыць — нейкі незнаёмы рыбу ловіць.
— Дзядзька! — гукнуў хлапец.
— Цыц! Не лякай рыбы!
Недзе праз паўгадзіны хлапец зноў:
— Дзядзьку!
— Я каму кажу, замоўкні. І так ні клюе.
Мінула гадзіна, другая. Нічога і не злавіў рыбак. Ужо зьбіраючыся дамоў, спытаў
у хлапца:
— А што ты хацеў сказаць мне?
— Ды хацеў сказаць, што ў гэтым стаўку ўжо дзесяць год рыбы няма.
"ЦУД"
Бабулька Тэкля расказвае пра вялікі цуд, які яна сама бачыла:
— Было гэта даўным-даўно. Сяджу аднойчы адна дома і раптам з'яўляецца старац.
"Я, — кажа ён, — цудатворац і магу вам сказаць, што праз некалькі
хвілін загарыцца ваша хата".
Я перапалохалася. "Што хочаш бяры, толькі зрабі, каб гэтака не здарылася."
І што ж вы думаеце — хата не загарэлася...
ЦІ ПАІЎ КАНЯ?
— Ці паіў ты каня?
— Паіў.
— А чаму морда сухая?
— Бо вады не дастаў.
БАЦЬКАВЫ ШТАНЫ КАРОТКІЯ
— Чаму ты не арэш?
— Бо малы.
— А чаму штаны кароткія?
— Бо бацькавы.
ДАЧКА І МАЦІ
Дачка да маці:
— Добра табе. мама, было замуж за тату ісьці, а мне патрэбна за чужога
чалавека.
БАБУЛЯ І ЦЯГНІК
Вёз дзед бабу ў горад. А яна яна яшчэ далей сваёй вёскі нідзе не была, нічога
ў сьвеце не бачыла.
Якраз ішоў цягнік. Баба як пабачыла, зьдзіўлена запытала:
— І куды э гэта сяло пераяжджае?
У ВАРАЖБІТКІ
— Дык я буду мець багатага мужыка?
— Але, але. А калі дабавіце залатоўку, дык мужык будзе яшчэ багацейшы.
ЧЫРВОНЫ НОС
Дзядзька: Еш, мой каток, больш хлеба, тады будзеш здаравейшы і тварок будзе
чырвоны.
Пляменьнік: Дзяцька, пэўна, шмаі еў хлеба, бо нос маеш чырвоны, як бурачок.
НЕМАЖЛІВАЯ РЭЧ
— Калі гляджу на вас, не інакш, як асла бачу перад сабой.
— Не, гэта не можа быць, бо я ж не люстра.
ЎСЁ РОЎНА
Да старшыні прынесла баба грушак. Ён ёй і кажа:
— І нашто было несьці? Твае дзеткі зласавалі б.
— Ды ешце, пане начальнік. Я дзеткам скажу, што сьвінка паела.
УСЁ ЎМЕЕ
— Адчыні вароты!
— А хто едзе?
— Той, што ўсё ўмее.
— Глядзі, усё ўмее, а трэбна яму адчыняць вароты.
ЦУД
Палаўнічы выхваляецца, што ён вельмі добры стралок. Раптам міма праляцела качка.
— Глядзіце, што будзе, — сказаў ён і стрэліў.
Качка палацела.
— Сябры! — ускрыкнуў паляўнічы. — Вы прысутнічаеце пры цудзе!
Гэта ж ляціць мёртвая качка.
МАЧЫХА
Абдзяліла мачыха двух сваіх пасынкаў кожнага цэлым яблыкам, а свайму сыну нічога
ні дала,
ды кажа да пасынкаў:
— А вы ж майму сыну дайце хоць па палавінцы.
ЧАМУ ЛЮДЗІ З РОЗНЫМІ КАСАМІ РОДЗЯЦЦА
— Чаму гэта людзі родзяцца то чорныя, то белыя?
— Бо адны родзяцца ў дзень, а другія — ўночы.
— А рудыя калі родзяцца?
— Таксама ўдзень, толькі тады, як сонца дужа паліць.
БАЦЬКІ
— Ці б'юць цябе бацькі?
— Ой б'юць!
— А каторы болей: матка ці бацька?
— Каторы час мае.
У ДОКТАРА
— Ці вы сьпіцё, разінуўшы рот?
— Не давялося бачыць доктар, як я сьплю, але цяпер ужо буду прыглядацца.
ПАЛЯЧЫЎ
Матка: Антоська, дзе твае лекі на вочы?
Антось: Я даў яго выпіць малому Янку, бо яму дужа жывот баліць.
ВЫЙГРЫШНЫ КВІТОК
— Купіце выйгрышны квіток.
— Не трэба, я не хачу выйграць.
— Ну, я маю і такі квіток, што нічога ні выйграе.
АСЬЦЯРОЖНАСЬЦЬ
— Язэпка, адыдзі ўбок, бо гэты цюцік вельмі злы: чуеш як брэша?
— Ты ж ведаеш, што цюцік, які брэша, не кусае.
— Я то ведаю, але баюся таго, што не кожны цюцік гэта правіла ведае.
РАЗГАВАРЫЛІСЯ
Стары Клім быў глухаваты і чуў толькі тады, калі яму крычаў хто пад самым вухам.
Аднойчы капаў ён гліну.
Прыйшоў да яго сусед і вітае:
— Дзень добры, Кліму.
Клім адказаў:
— Але, але, капаю гліну.
Сусед запытаў:
— Што ты, Клім, ужо аглух:
Клім адказаў:
— Сам капаю, а не ўдвух.
Сусед пытае:
— Ці даўно ты стаў недачуваць?
А ён адказаў:
— Пайду дадому начаваць.
І зноў сусед пытае:
— Ці не бачыў ты мае казы?
Клім кажа:
— Накапаў ужо тры разы.
Сусед пытае:
— Ці даўно ты стаў не чуць?
Клім адказвае:
— Бывай, суседзе, здароў будзь.
НА МОСЬЦЕ
— Скажы, хлопча, куды я зайду гэтым мастом?
— Як куды? На другі бок.
НА ПОШЦЕ
— Гэты ліст зацяжкі, мусіце прыклеіць яшчэ адну марку.
Сялянка: Тады яшчэ больш пацяжэе! — Што ж мне, беднай, рабіць?!
ДЗЯЦЕЙ НЯМА...
— Сьведка, як ваша імя і прозьвішча?
— Мікола Касаты.
— Колькі гадоў?
— Восемдзесят два.
— Дзеці ёсьць?
— Нямашака.
— Сакратар, запішыце, што дзяцей няма. Ну расказвайце, Касаты, што вам
вядома ў гэтай справе.
— Іду я, значыцца, са сваім сынам Гаўрылам..
— Пачакайце. Вы ж казалі, што ў вас дзяцей няма.
— Але няма.
— Ну кажыце далей.
— Іду я з сынам Гаўрылам праз поле..
— З сынам Гаўрылам? Вы ж кажаце, што ў вас дзяцей няма.
— Ну, няма.
— А Гаўрыла?
— Якое ж гэта дзіця? Яму ўжо пяцьдзесят гадоў стукнула.
ПРАЦАВІТАЯ ДАЧКА
Дачка цыруе панчохі. Падыходзіць маці і пытаецца?
— Яшчэ шмат маеш зрабіць?
— Мамачка, ужо другую панчоху канчаю.
— Сапраўды? — дзівіцца маці. — Пакажы ж першую!
ХІТРЫ ХЛАПЕЦ
— Мама, дай мне гароху.
— Добра, вазьмі сабе поўную жменю.
— Аж поўную жменю? То ты, мама, дай сама, бо твая жменя большая.
ХТО СТАРЭЙШЫ
— Хто з вас старэйшы — ты ці твой брат? — спыталі ў маленькага
Міколкі.
— У мінулым годзе мама казала, што брат на год старэйшы за мяне. Так што
сёлета я зь ім зраўняўся, —
адказаў Міколка.
ЗРАЗУМЕЎ
Маці корпаецца каля печы і гаворыць сыну:
— Сяргейка! Зьбегай у краму па соль. Ды хуценька, каб адна нака тут, а
другая — там!
У мяне боршч дакіпае.
Сынок апрануў кажушок, шапку, адзін валёнак і кінуўся ў дзьверы. Маці яго спыніла:
— Ці ты з глузду зьехаў? У адным валёнку бегчы думаеш?
— Дык ты сама сказала, каб адна нага там, а другая — тут. Навошта
ж абуваць тую,
якая ў хаце застаецца.
РАЗУМНЫ СЫН
Вярнуўся хлапец з гулянкі позна дамоў, зараліў сьвечку, сеў каля стала і задумаўся.
Так ён сядзеў, пакуль сьвечка дагарэла. Маці ўбачыла гэта і запаліла яшчэ адну
сьвечку —
можа ж такі сын нешто добра надумае. Ужо і разьвіднела, а ён ўсё сядзіць і думае.
— Пра што ж ты, сынку, думаў цалюсенькую ноч? — пытае маці.
— А дзе будуць вераб'і хавацца, калі клуня згарыць, — адказаў сын.
РАЗУМНЫ ХЛОПЕЦ
— Чаго плачаш, Янук?
— Капейку загубіў.
— Вось табе дзьве, толькі не плач.
Янук узяў дзьве капейкі, схаваў ды і зноў плача.
— Ды чаго ж ты плачаш?
— Як жа мне не плакаць? Як бы не згубіў гэтай капейкі, дык меў бы ўжо тры.
НАСТАЎНІЦА МАЛА ВУЧЫЛАСЯ
— А што, Янук, спадабалася табе твая новая настаўніца?
— Ды яна, мамачка, нічога сабе, і не старая. Але, мусіць, яна мала вучылася,
бо ўсё ў мяне пытаецца.
ІНСПЕКТАР І ХЛАПЕЦ
Школьны інспектар, едучы парз вёску, запытаў хлапца-школьніка, дзе дарога ў
школу?
Той дарогу паказаў.
На другі дзень інспектар запытаў яго ў школе, выклікаўшы да мапы, як вядзе дарога
ў Варшаву?
Хлапец доўга пазіраў на мапу, нарэшце сказаў:
— Вы не ведаеце дарогі ў школу, а хочаце, каб я ведаў дарогу ў Варшаву.
НАШТО ВУШЫ?
Настаўнік: Слухай, Янук, нашто ты маеш вушы?!
Вучань (глянуўшы спадылба на настаўніка) : Каб вы мелі за што дзерці.
НАШ НАСТАЎНІК
Бацька: Хочаш, Пранук, я табе загадаю загадку, Скажы мне, што гэта: не есьць,
не п'ець, а ходзіць і б'ець?
(Насьценны гадзіньнік)ю
Пранук: А хто ж, яе не наш настаўнік.
ПАД СТАРАСЬЦЬ АДГУКНЕЦЦА
Пачула маці, што Антук яе плача. Хлопчык быў ужо сямігодка, крумяненькі. Выскачыла
на задвор'е і пытае:
— Чаго ты, сынок?
— Певень на нагу наступіў.
— То што ж за бяда, певень не конь, нагі табе не скалечыў.
— Ага, не скалечыў, а як пад старасьць, то ш гэта адгукнецца.
ДЗЕЦІ ВІНАВАТЫЯ
Адна непісьменная жанчына прыйшла ў касьцёл, узяла ў рукі кантычку і пачала
«чытаць»
.
-- У вас жа дагары кніжка, -- сказаў ёй сусед.
-- Гэта ж дома дзеці, каб іх чэрці пабралі, перавярнулі, а я і забыла.
ХІБА ТРЭЦІ КУМ ПАТРЭБЕН?
-- Ты адукаваны чалавек, а дзіця хрысьціў з двума кумамі.
-- А хіба трэці патрэбен?
КАРЫСНЫЯ МУХІ
Малады і дужы хлапец Лявонаў Сымон ляжыць у цяньку пад дубам і адганяе
ад сябе мух. Стары Лявон дагроб сена і таксама сеў адпачыць.
Сымон: Тата, а для чаго гэта мухі на сьвеце? Якую яны карысьць даюць?
Стары Лявон: Прыносяць, сынку, ды яшчэ якую! Яны такім гультаям, як ты, удзень
спаць не даюць.
ПАШКАДАВАЛІ
Бацька і дарослы сын былі вялікімі гультаямі. Неяк ляжаць яны і назіраюць, як
маці носіць мяшкі з бульбаю. Бацька і кажа:
-- Ну бяры, Алеся, шмат, на плечы не закінеш.
А сын падбадзёрвае:
-- Нічога, мама, бяры, я паддам.
У ЗААЛАГІЧНЫМ САДЗЕ
Наведвальнік: Вы добра ведаеце пароды птушак?
Экскурсавод: А як жа!
Наведвальнік: Скажыце, калі ласка, якая з гэтых дзьвюх птушак няёст і якая шчыгол?
Экскурсавод: А вось тая, што сядзіць побач з няёстам, і ёсьць шчыгол.
ЧЫТАЦЬ УМЕЕ
-- Умееш чытаць?
-- Умею, але толькі ўвечары.
-- А ўдзень?
-- Не... бо я вучыўся ў вячэрняй школе.
РАЗМОВА З БАЦЬКАМ
-- Вы балуеце сына. Расьце хлопец гультаяватым, фанабэрыстым, нават, скажу вам
па сакрэту, б'е слабейшых...
-- Увесь у мяне, шэльма.
СУПАКОІЎ
Бацька выгаварвае сыну:
-- І да якога часу ты будзеш сядзець у мяне на карку?
-- Не хвалюйся, татка, я заўтра жонку прывяду.
ЯК ТУТ СКАЗАЦЬ
-- Твае дзеці яшчэ вучацца ці пайшлі ўжо на свой хлеб?
-- Ды як сказаць. На свой хлеб пайшлі, але ад бацькоўскіх грошай не адмаўляюцца.
НІЧОГА АСАБЛІВАГА
У аднаго бацькі запыталіся, як ён вытрымлівае плач сваіх трайнятак.
-- Нічога асаблівага, -- адказаў той, -- адзін зь іх крычыць так моцна, што
дзьвух другіх я ўжо не чую.
МАГЛО Ж БЫЦЬ І ТАК...
У скверы нейкі мужык падыходзіць да жанчыны, якая сядзіць на лаўцы і чытае часопіс.
-- Гэта ваш хлопчык?
-- Мой.
-- Ён толькі што з рагаткі ледзь мне ў вока не патрапіў.
-- Я вам у жывот патрапіў, а не ў вока, -- паправіў мужыка хлапчук.
-- Яно то так, але ж я ў тую хвіліну мог і прыкнуцца...
НАЧЫТАНЫ
-- Вы чыталі «Авадня»?
-- Не. Я не люблю чытаць кніжкі пра насякомых.
-- А «Цэмент»?
-- Таксама не. Я чытаю толькі мастацкую літаратуру.
У БІБЛЯТЭЦЫ
Першы наведвальнік (да другога, які чытае ўголас) : Чытайце пра сябе.
Другі наведвальнік (разгублена) : А пра мяне тут нічога не пішуць.
РАЗУМНЫ СЫН
Адзін бацька хваліўся сваімі сынамі:
-- Разумееце, не і сыны ў мяне! Такія разумныя! Калі адзін зь іх скажа, што
будзе дождж, а другі -- добрае надвор'е, то абавязкова што-небудзь ды будзе.
СУР'ЁЗНЫ ДОКАЗ
-- Вы майму сыну ўчора паставілі двойку. Гэта памылка!
-- Чаму памылка? -- зьдзівілася настаўніца.
-- Калі я вучылася, у мяне ніколі не было двойкі.
ЗНАХОДЛІВЫ
У дырэктара школы запыталіся:
-- У вас у школе заўсёды так холадна?
-- Не, толькі зімой.
-- А чаму ў клясах цёмна?
-- Дык жа ў нас вячэрняя школа.
АБЯЦАНЬНЕ
-- Ну і дадуць жа мне, сынок, прыкурыць на сходзе, -- уздызнуў брыгадзір.
-- А ўчора ж ты казаў маме, што кінеш курыць, -- адказаў сын.
НЕ ЗГУБІЎ
Хлопчык пайшоў у краму і падае гандляру бідончык:
-- Мама прасіла, каб вы адпусьцілі поўную пасудзіну малака.
-- Які разумны хлопчык, ужо дапамагае маці, -- хваліць гандляр. -- Вось табе
малако. Мама, відаць, дала і грошы на малако?
-- Дала, я паклаў іх на дно бідончыка, каб не згубіць.
ДЗЕД І ЎНУК
-- Дзядуля, а ты быў калісьці маленькім? -- пытаецца ўнук.
-- Быў, унучак, быў...
-- Вось ты сьмешным быў тады са сваёй лысінай і барадой.
ЦЯБЕ ТАКСАМА БУСЕЛ ПРЫНЁС?
-- Слухай, дзеду, -- пытаецца Міхаська ў свайго даволі тоўстага дзядулі. --
Цябе таксама бусел прынёс?
-- Вядома, -- адказвае дзядуля.
Міхаська недаверліва круціць галавой:
-- Але, мабыць, не ўсяго адразу?
КАЛІ ПАЧАЎ ХЛУСІЦЬ?
-- Я, як быў у тваім узросьце, так не хлусіў, -- павучаў дзядуля Янку.
-- А калі ты пачаў гэта, дзеду?
ІМЖАЧКА
Панёс хлопчык сьеданьне бацьку на поле. Той пусьціў кабылу паскубсьці і давай
сьнедаць. А тут неба цёмнае стала, аблога, і сыпануў імжачка.
Хлопчык глядзеў-глядзеў па баках дый пытае бацьку:
-- Татка, татка, зірні, хтой-та ідзе?
А бацька есьць ды гаворыць:
-- Імжачка.
Тады хлопчык як закрычаў:
-- Татка, імжачка жарабя павалок!
Падняў бацька галаву -- бацюхны родныя! -- воўк цягне жарабя.
ЗЬДЗІЎЛЕНЬНЕ
Дзеці падбеглі да бацькі, каб нешта цікавае яму паведаміць.
-- Ціха вы сарачаняты! Няхай хто з вас адзін гаворыць, а то ж я не магу адразу
дваіх слухаць.
-- А хіба ты, татка, на адно вуха дрэнна чуеш?
ЦІКАЎНЫ
Маці гаворыць сыну:
-- Сынок, табе пайшоў ужо трэці гадок.
-- А куды ён пайшоў?
ЦЯЖКАЯ ЗАДАЧА
Бацька купіў першакласьніку прыгожы ранец і кажа:
-- Глядзі, Міколка, каб ты кожны дзень прыносіў поўны гэты ранец пяцёрак.
-- А куды ж я буду падручнікі класьці?
СУПАКОІЎ
-- Пеця, я купіла табе новы падручнік. Глядзі не запэцкай яго.
-- Не хвалюйся, мама, я да яго нават і не дакрануся.
НАСТАЎНІЦА ВІНАВАТА
Вова прыйшоў са школы раней тэрміну.
-- Што, зноў правініўся? -- пытае маці.
-- Настаўніца сама вінавата. Яна сказала: паводзьце сябе як дома. Я так і паводзіў
сябе. І яна адправіла мяне дамоў.
СУЦЕШЫЎ
-- Што ты, татка, такі хмуры? -- спытаўся ў бацькі першакласьнік Рыгор.
-- Справы на працы расклейваюцца, сынку.
-- Не вялікая бяда, я сёння прынёс бутэлечку клею.
АСТРАНОМІЯ ВІНАВАТА
-- Як мой сын вучыцца? -- пытаецца бацька ў выкладчыка тэхнікума.
-- Нішто сабе, зорак зь неба не хапае.
-- Я так і ведаў: ён і ў школе не пасьпяваў па астраноміі.
СВАЯКІ
Летам да бабулі прыехаў унук. Паселі яны на снапах, гутараць, а ўнук круціцца
і потым пытае:
-- Бабуля, цябе асьцюкі кусаюць?
-- Не.
-- А чаму ж кусаюць мяне? Няўжо яны не ведаюць, што мы сваякі?
НАЙДУЖЭЙШЫ
-- Як у цябе справы з геаграфіяй?
-- Я найдужэйшы ў клясе.
-- Няўжо?
-- Безумоўна. Я ж заўжды з настаўніцкай прыношу ў кляс вялікі глёбус.
СУЦЕШЫЎ
-- Пошта сёньня была? -- спытаў бацька ў сынка.
-- Была.
-- А дзе ж сьвежыя газэты?
-- Я парэзаў іх на карабельчыкі... Але, татка, ты не хвалюйся. Заўтра ж лістаносец
прынясу яшчэ больш сьвежыя газэты.
СПРАВА Ў ХУТКАСЬЦІ
-- Хто скажа, чаму бывае раса? -- пытаецца настаўнік
-- Я ведаю! - паднімае руку Віця. -- Зямля круціцца так хутка, што ажно пацее.
ЧАМУ ВЯЛІКАЯ ГАЛАВА?
Дзеці аглядаюць зьвярынец.
Настаўнік: Дзеці! Хто скажа, чаму ў ільва такая вялікая галава?
Дзеці: Каб не вылез з клеткі.
ХТО КАГО?
Маленькі Віця не хоча спаць. Бацька садзіцца ля яго ложка і пачынае расказваць
яму казкі. Расказвае гадзіну, другую.
Нарэшце ў пакоі становіцца ціха. Маці асьцярожна прыадчыняе дзьверы і пытаецца:
-- Ён заснуў?
-- Так, мама, заснуў, - шэптам адказвае сын.
СУЦЕШЫЎ
У аўтобусе маладая жанчына дакарала падлетка, які не ўступіў месца старому.
-- Нічога, не лайце хлапчука, -- суцешыў дзядуля, -- стане ён старым, таксама
настаіцца.
У ВОЛЬНУЮ ХВІЛІНУ
-- Вова, калі ў цябе тата правярае дзёньнік?
-- Калі псуецца тэлевізар.
АШУКАЛА
-- Мама, ты казала, што ў яблыках шмаі вітамінаў. Я іх парэзаў, а вітамінаў
не знайшоў.
ПАЛАХЛІВЫ ТАТА
-- Мой тата вельмі палахлівы.
-- Чаму ты так лічыш?
-- Калі мы ідзём па вуліцы, ён заўсёды трымаецца за маю руку. Баіцца, што загубіцца.
ЗДАГАДАЎСЯ
Маленькі Рыгорка пытаецца ў свайго сябрука:
-- Васька, а ты ведаеш, чаму ў зайца вушы доўгія?
Васька доўга думаў, а потым сказаў:
-- А-а, здагадаўся! Заяц, калі быў маленькі, не слухаўся свайго таты.
НЕШТА ПАДОБНАЕ
Настаўнік вырашыў праверыць вучняў на знаходлівасьць і зьвярнуўся да аднаго
зь іх:
-- Хто раз апячэцца, баіцца вагню. Скажы што-небудзь падобнае, Пеця.
-- Каго раз памылі, той баіцца вады, - адарзу ж выпаліў Пеця і сеў на мейсца.
ПРАТЭСТ
Маці выварвае былізну. У хату ўваходзіць шасцігадовы Васёк і пытаецца:
-- Што ты, мама, варыш?
-- Бялізну.
-- І мая кашуля таксама варыцца?
-- Так сынок.
Васёк трошкі падумаў і заяўляе:
-- Вары не вары, мама, а сваю кашулю я ўсё адно есьць не буду.
КАБ ЖА ВЕДАЎ
-- Ты сьмелы? -- пытае Цішка ў Колі.
-- Сьмелы, -- той адказвае.
-- То чаму ж ты зайца спалохаўся, калі мы ў лес хадзілі?
-- Дык я ж не ведаў, што гэта заяц.
ЗДАГАДЛІВЫ ХЛОПЧЫК
-- Мама, я ведаю, чаму падкоўваюць каня.
-- Чаму, сынок?
-- Каб ногі ў яго не мерзьлі.
ДЗЕ ПРЫЦУЕ ЦЁТКА?
У пакоі паставілі новы буфет. Чатырохгадовы Ваня зазірнуў у адно аддзяленьне,
у другое.
-- А дзе ж цётка Нюра? Яна ж у буфеце прыцуе.
ЧАМУ РЫБЫ НЕ ГАВОРАЦЬ
На ўроку біялогіі настаўніца спытала?
-- Чаму рыбы не гавораць?
Каця аж зьдзівілася:
-- Як жа яны могуць гаварыць, калі ў іх увесь час галава ў вадзе!
НАМАЛЯВАЎ КАНЯ
-- Тата, наш настаўнік не ведае, як конь выглядае!
-- Адкуль ты гэта ўзяў?
-- У нас сёння быў урок маляваньня. Я намаляваў каня, а настаўнік пытаецца,
што гэта.
ПРАЧЫТАЎ
У першай клясе ідзе ўрок чытаньня. Пятрок чытае подпіс пад малюнкам па літарах:
-- Сы-у-мы-кы-а...
-- Ну і што атрымаецца?
-- Торбачка!
ЭКЗАМЕН
-- Ну, як там, сынок, з экзаменам?
-- А нічога, раз-два і пайшоў, толькі трэба будзе яшчэ раз паўтарыць.
ЗАПЫТАЛІСЯ
Настаўніца (да вучня): Мікола, як трэба напісаць слова «невысока»?
Вучань: Нізка.
У ШКОЛЕ
Настаўнік, растлумачыўшы асаблівасьці люстра і для чаго яно служыць, пытаецца
ў аднаго з вучняў:
-- На што ты мусіш глянуць, каб пераканацца, ці чыста вымыўся, ды ці чысты твой
твар?
-- На ручнік, - не думаючы адказвае вучань.
УДАЛЫ ПРЫКЛАД
Настаўнік: Усе целы ад цяпла пашыраюцца, а ад холаду сьціскаюцца. Ці не прывядзеш,
Сьцёпка, прыклад?
Сьцёпка: Зімой дні карацейшыя, таму што халадно, а летам даўжэйшыя, таму што
горача.
ВАЖНАЯ ПРЫЧЫНА
Настаўніца: Чаму ты спазьніўся на ўрок?
Вучань: У майго бацькі на гадзіньніку цыферблат з памылкамі.
ЗАГАВАРЫЎ
-- Ну і загаварыў ты сёньня настаўніцы зубы. Мінулы раз табе за такі адказ двойку
паставіла, а сёньня чамусь пяць.
-- А хіба ты не заўважыў? У яе сёньня сапраўды балелі зубы.
НА ЭКЗАМЕНЕ
Настаўнік: На якім току працуе трамвай?
Вучань: Вядома, на пераменным. На пастаянным ён бы хадзіў толькі ў адзін бок.
КАБ НЕ ПАВАЛІЦЦА
Маленькая Ніна ідзе па сходках з кубкам у руках.
-- Асьцярожна, Ніначка, не паваліся, -- гаворыць ёй мама.
-- Не, не павалюся -- я ж за кубак трымаюся, -- супакойвае яе дзяўчынка.
ДВОЙКА
-- Тата, а ты можаш пісаць у цемры?
-- Думаю, што змагу.
-- Тады патушы сьвятло і падпішы мой дзёньнік.
СЯСТРА ПАГАВАРЫЛА Б
Да тэлефона падышоў маленькі хлопчык.
-- Бацькі дома? -- спыталі ў яго.
-- Не.
-- А ёсьць хто-небудзь яшчэ, з кім бы я мог пагутарыць?
-- Мая сястра.
-- Перадай ёй трубку.
Прайшло даволі шмат часу, і затым хлопчык зноў узяў трубку.
-- Я не магу выцягнуць яе з калыскі.
ЯШЧЭ НЕ ВЫПІЛІ
Маці: Ты зьмяніла ваду рыбам у акварыуме?
Дачка: Не, яны яшчэ не выпілі тую, што я ім учора наліла.
ЦІ ТРЭБА БЫЛО ІСЬЦІ?
-- Не бойся, маленькі, дзядзька доктар нічога табе не зробіць.
-- Тады навошта ж мы да яго прыйшлі?
ХТО ЗАБЛІДЗІЎ?
-- Што здарылася, хлопчык? -- спачувальна запытаў чалавек. -- Ты заблудзіў?
-- Не, -- пачуўся мужны адказ, -- я не заблудзіў, я тут. Толькі не ведаю, дзе
заблудзілі мае тата з матуляй.
ДАСЬЦІПНЫ
-- Дзед, а дзед, ты маеш зубы? -- пытаецца Андрэйка ў свайго дзядулі.
-- О, унучак, пятнаццаць год ужо, як яны павывальваліся.
-- Трымай тады мае гарэхі, а я пабягу яшчэ нарву.