Санет

Un sonnet sans defaut vaut seul un long poeme.
Boileau*


Паміж пяскоў Эгіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючага Ніла,
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:
Ў гаршчку насеньня жменю там знайшлі.
Хоць зернейкі засохшымі былі,
Усё ж такі жыццёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясеньняй збожжа на ральлі.
Вось сімвал твой, забыты краю родны!
Заварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засне,
А ўперад рынецца, маўляў крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.

М.Багдановіч

* Беззаганны санет варты адзін цэлай паэмы.
Буало (франц.)